Духоўнае
адраджэнне і нацыянальная ідэя
7. Мы супраць бездухоўнасці, амаральнасці і спустошанасці. Беларусі
неабходна поўнамаштабнае духоўнае абуджэнне, адраджэнне ў людскіх душах
стваральнага, жыццясцвярджальнага і аптымістычнага, сутнасна хрысціянскага і
патрыятычнага светапогляду. Гэта з’яўляецца найпершай, найгалоўнай задачай БХД.
8. Наш вобраз Беларусі – гэта незалежная, дэмакратычная дзяржава, дзе
абараняюцца правы і свабоды чалавека, краіна хрысціянскага адраджэння ў сэрцы
Еўропы.
9. Мы грунтуемся на тым, што беларуская нацыянальная ідэя зыходзіць з
падставовых прынцыпаў хрысціянскага светапогляду: свабоды, веры, любові,
справядлівасці, роўнасці, салідарнасці і адказнасці. Спазнанне гэтых
найвышэйшых ісцін, следаванне ім у паўсядзённым жыцці і ёсць сутнасцю духоўнага
адраджэння.
10. Беларуская нацыянальная ідэя – гэта місія, прадвызначэнне, сэнс
існавання беларускага народу. Любая нацыянальная ідэя абумоўлена адпаведнай
гісторыяй, тэрыторыяй, часам, менталітэтам, узаемадачыненнямі з суседзямі.
Адчуванне гэтага Богам дадзенага наканавання, усведамленне сваёй унікальнасці і
непаўторнасці, свайго прызначэння менавіта на гэтай зямлі, у гэты час і ёсць
нацыянальнай ідэяй. У кожнай нацыі ёсць вялікая задума Божая, кожнаму народу
Бог дае непаўторныя дарункі – культурніцкія, духоўныя, светапоглядавыя. Кожны
народ мусіць несці адказнасць перад Богам за гэтыя дарункі і служыць ім і іншым
народам і ўсяму свету.
11. З пачуцця нацыянальнай саматоеснасці вынікаюць і любоў да роднай
краіны, і павага да іншых народаў, і разуменне сваёй адказнасці перад тымі, хто
быў, і за тых, хто будзе пасля.
12. Уся Заходняя цывілізацыя вось ужо 2000 гадоў будуецца на хрысціянскіх
падмурках, таму сапраўды еўрапейская Беларусь можа паўстаць толькі з магутным
духоўным рухам, са светапоглядным абнаўленнем усяго грамадства. Сёння
беларуская нацыянальная ідэя бачыцца нам як самарэалізацыя народа Беларусі ў
найважных формах – незалежнай дзяржаве, беларускай мове, паважных міжнародных
стасунках, дасягненні дабрабыту, сучаснай культуры – на падставе духоўнага
хрысціянскага зместу.
13. Мы лічым, што гістарычныя нацыянальныя сімвалы – бел-чырвона-белы сцяг
і герб “Пагоня”, гімн “Магутны Божа”, якія найбольш поўна выражаюць змест
спрадвечнага імкнення беларускага народу да хрысціянскай чысціні і духоўнасці,
рашучасць высілкаў нацыі для дасягнення праўды і справядлівасці. Мы заклікаем
да вяртання, павагі і шанавання нацыянальнай гістарычнай сімволікі Беларусі як
неад’емнай часткі нашай гістарычнай і культурнай спадчыны.
14. Мы таксама прызнаем права на існаванне і выкарыстанне
любой іншай сімволікі, якая прымаецца канстытуцыйным чынам беларускім
грамадствам, за выключэннем сімволікі, звязанай з прапагандай нацысцкай,
бальшавіцкай ці любой іншай ідэалогіі, не сумяшчальнай з хрысціянствам і
свабодай чалавека.
Кансалідацыя беларускага
грамадства і аб’яднаўчая палітыка БХД
15. Найважная задача БХД – кансалідацыя грамадства вакол ідэяў духоўнага
адраджэння Беларусі, незалежнасці, дэмакратыі, гістарычнай пераемнасці і
адказнасці за нацыянальную гісторыю і культуру, стварэнне на гэтай базе
масавага, шматаблічнага паўсюднага нацыянальнага руху. Абарона хрысціянскіх
каштоўнасцяў, суверэнітэту і дэмакратыі, змаганне са спадчынай таталітарнага
савецкага рэжыму, з русіфікацыяй і наступствамі Чарнобылю, заслон спробам
паняволення, распродажу Беларусі, адпор агрэсіі крыміналу, наркотыкаў, экстрэмізму,
алкагалізму, маральнай дэградацыі патрабуюць гуртавання ў адзіны народны рух
усіх здаровых сіл грамадства: палітычных партыяў і арганізацыяў, сацыяльных
груп і асобных грамадзян.
16. З сённяшнім цяжкім становішчам у краіне пад сілу
справіцца толькі ўсяму народу, свядомасць якога прасякнута духам хрысціянскага
адраджэння і нацыянальнай ідэяй. Пакліканне БХД заключаецца ў тым, каб стаць
ідэалагічным і арганізацыйным ядром такога ўсенароднага руху. Такім чынам,
стварэнне дзейснага нацыянальнага руху, угрунтаванага на хрысціянскіх
каштоўнасцях, з’яўляецца галоўнай аб’яднаўчай стратэгіяй БХД, а таксама
асноўным матывам міжпартыйных дачыненняў і пагадненняў. Пры правядзенні
агульнанацыянальных кампаніяў, выбараў ці акцыяў пратэсту мы павінны быць упэўненыя
ў тым, што нашыя хаўруснікі адстойваюць менавіта нацыянальныя інтарэсы і
перспектывы адраджэння, і што вынікі нашай супольнай працы не будуць супярэчыць
нашым памкненням.
Нацыянальнае лідэрства і эліта
17. У нацыянальным руху БХД мусіць імкнуцца да найбольшай адказнасці і ролі
авангарду ў кожнай сферы дзейнасці. З гэтага вынікае імператыў ініцыятывы і
лідэрства БХД у грамадска-палітычным працэсе ў Беларусі.
18. Лідзіруючае становішча БХД у першую чаргу мусіць дасягацца праз
гуртаванне вакол партыі нацыянальнай эліты.
19. БХД лічыць, што неабходна развіваць нацыянальную
свядомасць кожнага чалавека. Толькі чалавек з высокай нацыянальнай свядомасцю,
які валодае маральна-этычнымі каштоўнасцямі і любіць сваю Бацькаўшчыну, здольны
ў большай ступені прыносіць карысць грамадству, сваёй сям’і і самому сабе.
Месца і роля нацыянальных і
канфесійных меншасцяў у Беларусі
20. У Беларусі, якая спрадвеку знаходзіцца на геапалітычным скрыжаванні,
сумежжы цывілізацыяў і культур, нацыянальная ідэя спалучае многія этнічныя і светапоглядавыя элементы. Мы падтрымліваем
усе нацыянальныя меншасці краіны ў іх праве ствараць шматаблічнасць беларускага
грамадства. Беларусь усёй сваёй гісторыяй сцвярджае ідэал верацярпімасці і
ўзаемапавагі ў суіснаванні розных народаў і рэлігіяў.
21. Мы падкрэсліваем, што ідэя стварэння нацыянальнага руху ў нашым
разуменні ніяк не азначае дыскрымінацыі нацыянальных ці канфесійных меншасцяў,
а наадварот, адкрывае ўсім грамадзянам Беларусі, незалежна ад іх паходжання,
нацыянальнасці ці веравызнання, магчымасць для паўнавартаснага ўдзелу ў
грамадскім жыцці. БХД павінна праявіць сваю салідарнасць з усімі нацыянальнымі
супольнасцямі Рэспублікі Беларусь у іх правах.
22. БХД лічыць, што распальванне нацыянальнай нянавісці,
дыскрымінацыя грамадзян паводле этнічных і расавых прыкмет не сумяшчальная з
хрысціянскімі прынцыпамі і павінна карацца законам.
Развіццё навукі як нацыянальны
прыярытэт
23. Навука ў сучасным свеце робіцца галоўнай вытворчай сілай грамадства. Мы
ганарымся тым, што Беларусь дала чалавецтву столькі геніяльных вынаходнікаў і навуковых
адкрыццяў. Беларусь імкнецца заняць месца сярод навукаёмістых і тэхналагічных
эканомік свету, таму развіццё навуковых даследаванняў, выкарыстанне навуковых
распрацовак у вытворчасці з’яўляецца для нас важнай задачай. Гэта патрабуе
перагледзець сістэму фінансавання навукі. БХД выступае за стварэнне дзяржаўных
фондаў для фінансавання навуковых даследаванняў, якія будуць размяркоўваць
бюджэтныя сродкі і вылучаць гранты на правядзенне навуковых даследаванняў.
Дзяржава мусіць звяртаць увагу і аказваць падтрымку ўсім навукам – і
прыродазнаўчым, і тэхнічным, і сацыяльным, і гуманітарным.
24. Неабходна аднавіць самакіраванне Нацыянальнай Акадэміі навук. БХД
лічыць неабходным стварыць асобнае Міністэрства навукі і тэхналогіяў, якое
будзе займацца выпрацоўкай і ажыццяўленнем дзяржаўнай палітыкі ў галіне
падтрымкі і развіцця навукі, садзеяннем развіццю навукі і навуковага патэнцыялу,
інфраструктуры і чалавечага рэсурса навукі, паглыбленнем сувязяў з сусветнымі ўстановамі
навукі.
25. У кантэксце сацыяльнай адказнасці бізнэсу будзе вітацца актыўны ўдзел у
падтрымцы навукі прыватнага капіталу, стварэнне прыватных фондаў і мецэнацтва.
БХД з’яўляецца прыхільніцай глыбокай міжнароднай кааперацыі ў навуцы і
даследаваннях.
26. Для паўнавартаснага развіцця навукі неабходна вярнуць
навуковай працы прэстыж і павагу ў беларускім грамадстве, забяспечыць высокія
заробкі навуковым супрацоўнікам на ўзроўні сярэднееўрапейскіх.
27. БХД выступае за:
- духоўнае абуджэнне на падставе хрысціянскіх прынцыпаў і светапогляду, у аснове якіх палягаюць свабода, вера, любоў, справядлівасць, роўнасць, салідарнасць і адказнасць;
- незалежную, дэмакратычную Беларусь, дзе абараняюцца правы і свабоды чалавека;
- вяртанне нашых нацыянальных сімвалаў – бел-чырвона-белага сцяга і герба “Пагоня”;
- развіццё беларускай мовы і пашырэнне сферы яе ўжытку, адраджэнне гістарычнай памяці і следаванне нацыянальнай традыцыі;
- паступовае вяртанне гістарычных назваў вуліц і плошчаў, увекавечанне памяці беларускіх нацыянальных герояў;
- належную абарону, аднаўленне і рэстаўрацыю помнікаў архітэктуры, гісторыі і культуры;
- кансалідацыю грамадства вакол ідэяў духоўнага адраджэння Беларусі, незалежнасці, дэмакратыі, гістарычнай пераемнасці і адказнасці за нацыянальную гісторыю і культуру;
- згуртаванне ўсіх здаровых сіл грамадства ў барацьбе з наступствамі чарнобыльскай трагедыі, выміраннем беларускай нацыі, алкагалізмам, наркаманіяй і маральнай дэградацыяй;
- лідэрства партыі хрысціянскай дэмакратыі ва ўсіх сферах грамадскага жыцця як партыі народнай большасці;
- павагу да іншых народаў і культур, свабоднае развіццё нацыянальных меншасцяў, іх моў і культур у Беларусі;
- развіццё навукі як прыярытэтнага кірунку дзяржаўнай палітыкі, стварэнне Міністэрства навукі і тэхналогіяў і аднаўленне самакіравання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі;
- вяртанне павагі да навуковай працы, павышэнне яе прэстыжу ў грамадстве і павышэнне заробкаў навуковых супрацоўнікаў да сярэднееўрапейскага ўзроўню.
Комментариев нет:
Отправить комментарий