279. БХД выступае за гарантыі правоў усіх працоўных на
годную працу і асабістае жыццё. Работнікі павінны валодаць правам на
арганізацыю прафесійных саюзаў
на ўсіх прадпрыемствах, ва ўсіх арганізацыях і ўстановах пры любых формах
уласнасці.
280. Вольныя і незалежныя арганізацыі работнікаў і
працадаўцаў з’яўляюцца незаменнымі і раўнапраўнымі партнёрамі дзяржавы ў дасягненні
сацыяльнай справядлівасці і эканамічнага развіцця краіны на агульнанацыянальным, рэгіянальным і лакальным
узроўнях.
281. БХД, кіруючыся прынцыпам субсідыярнасці, лічыць
неабходным перадаць прафсаюзам асобныя функцыі ў сацыяльным страхаванні, забеспячэнні
матэрыяльных умоў жыцця работнікаў і кантролі бяспекі працы. Паўсюднае
заключэнне калектыўных працоўных дамоваў павінна стаць гарантыяй абароны правоў
работнікаў на прадпрыемствах усіх форм уласнасці.
282. БХД выступае за больш шчыльнае супрацоўніцтва з
прафсаюзным рухам Беларусі дзеля
забеспячэння правоў наёмных работнікаў. Гэта
будзе спрыяць выкананню агульных для БХД і прафсаюзаў задач па паляпшэнню
эканамічнага і сацыяльнага становішча працоўных.
283. Паглыбленне супрацоўніцтва паміж
БХД і прафсаюзамі дазволіць замацаваць прынцыпы хрысціянскай дэмакратыі ў працоўным
асяроддзі краіны.
284. БХД выступае за:
- права на стварэнне прафесійных саюзаў у паведамляльным парадку без атрымання папярэдняга дазволу дзяржаўных органаў;
- ліквідацыю перашкодаў, якія могуць быць выкліканы патрабаваннем аб юрыдычным адрасе і 10-працэнтнай мінімальнай колькасцю сябраў прафсаюза ад агульнай колькасці работнікаў прадпрыемства;
- забеспячэнне празрыстасці палажэнняў, якія рэгулююць парадак утварэння прафсаюза;
- стварэнне эфектыўнага механізму абароны ад антыпрафсаюзнай дыскрымінацыі і іншых рэпрэсіўных мер у дачыненні да актывістаў працоўнага руху;
- узмацненне адказнасці чыноўнікаў дзяржаўных органаў і кіраўніцтва прадпрыемстваў за ўмяшанне ў дзейнасць прафсаюзаў;
- адмову ад тэрміновых працоўных кантрактаў, за выключэннем абмежаванай колькасці катэгорыяў працоўных;
- прывядзенне норм закона “Аб правядзенні масавых мерапрыемстваў” у адпаведнасць з правам прафесійных саюзаў і арганізацыяў працадаўцаў адстойваць правы працоўных;
- распрацоўку і ўкараненне сістэмы падаткавых ільгот для сацыяльна адказных кампаніяў.
Комментариев нет:
Отправить комментарий