четверг, 21 февраля 2013 г.

Белсат: Альтэрнатыўная нацыянальная бяспека







Беларусь не адмовіцца ад прызыўной арміі, заявіў сёння міністр абароны Юрый Жадобін. Не будзе паратунку ад войска і тым, хто не хоча з розных прычынаў браць зброю ў рукі. Альтэрнатыўную службу кіраўнік Міністэрства абароны лічыць надуманаю ды шкоднаю. Не згодная з палітыкаю Міністэрства абароны Беларуская хрысціянская дэмакратыя прапаноўвае свой варыянт канцэпцыі нацыянальнай бяспекі. А чые погляды бліжэйшыя грамадзянам нашай краіны?

Раней – колькасць жаўнераў, цяпер жа найноўшыя тэхналагічныя ўзбраенні вызначаюць перамогу. А нашая краіна ўсцяж застаецца верная вайсковым дактрынам мінулых эпох. Міністр абароны Юрый Жадобін пацвердзіў сёння, што Беларусь на кантрактную службу не пяройдзе, а значыць, кожны здаровы юнак паўтара года свайго маладога жыцця абавязкова правядзе ў казарме:

ЮРЫЙ ЖАДОБІН, МІНІСТР АБАРОНЫ:
«Мы збіраемся абараняць сваю зямлю і ваяваць на сваёй зямлі. А ваяваць на сваёй зямлі можа толькі народ. І каб ён не стаў гарматным мясам, ён мусіць быць гатовы да абароны сваёй зямлі і свайго дому, свайго гораду».

Паводле міністра, прафесійнае войска – атрыбут тых краінаў, якія займаюцца экспартам дэмакратыі. Аднак большасць апытаных намі менчукоў прытрымліваецца іншага меркавання.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
“Кантрактная сістэма – гэта ідэальны варыянт, на маю думку. Усё мае быць прафесійнае, і войска ў тым ліку”.
“Шмат цяпер маіх знаёмцаў служыць. Тое, што яны расказваюць... Не ведаю, каму патрэбная такая армія. Лепш усё ж кантрактная”.
“Я лічу, што лепш кантрактная сістэма, бо прызыўная ўжо састарэла”.

Аднак не старэе старое сяброўства. Кіраўнік Міністэрства абароны чарговы раз пацвердзіў, што галоўны стратэгічны ў вайсковай галіне партнёр Беларусі – гэта Расея.

Эксперты ж мяркуюць, што правільным можа быць толькі захаванне нейтральнага статусу, а супраца з іншымі краінамі, і перадусім з той жа Расеяй, мусіць стаць празрыстай.

АНДРЭЙ ПАРОТНІКАЎ, BELARUS SECURITY BLOG:
“Нам патрэбныя прынамсі шчыльныя тэхнічныя адносіны з Расеяй, але гэтыя адносіны мусяць быць публічныя, а не тое, што мы назіраем пры АДКБ, калі Беларусь бярэ на сябе невядома якія абавязкі, невядома за што. І, умоўна кажучы, у выніку мы можам атрымаць другую вандроўку ў Афганістан”.

А таму змяніць гэткую небяспечную для краіны дактрыну нацыянальнай бяспекі прапаноўвае апазіцыйная партыя “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”.

ВІТАЛЬ РЫМАШЭЎСКІ, КІРАЎНІК БХД:
“Цяпер адбываецца публічнае абмеркаванне кожнага пункту праграмы са спецыялістамі ды экспертамі. Сёння – гэта нацыянальная бяспека, войска”.

Згодна праекту БХД, прызыў мусіць быць утрая карацейшы за цяперашні. Павінна быць і альтэрнатыўная служба, якую катэгарычна адмаўляе кіраўнік Міністэрства абароны.

АНАТОЛЬ АСТАПЕНКА, ДОКТАР ПАЛІТЫЧНЫХ НАВУК:
“Альтэрнатыўная служба ў некаторых выпадках проста неабходная. Для людзей з рэлігійнымі перакананнямі ці іншымі, калі ў іх ёсць дастатковыя прычыны не пайсці на тэрміновую службу”.

Ахвотныя ж паслужыць, паводле БХД, маюць скласці элітны касцяк арміі – 20-тысячны Беларускі нацыянальны легіён – прафесійны і баяздольны. Аднак наўрад ці да падобных прапановаў прыслухаюцца ўлады Беларусі, якія апошнім часам называюць апазіцыю няйначай, як пятаю калонаю.

Вольга Старасціна, “Аб’ектыў”

Комментариев нет:

Отправить комментарий