5.3. Прафсаюзны рух



279. БХД выступае за гарантыі правоў усіх працоўных на годную працу і асабістае жыццё. Работнікі павінны валодаць правам на арганізацыю прафесійных саюзаў на ўсіх прадпрыемствах, ва ўсіх арганізацыях і ўстановах пры любых формах уласнасці.
280. Вольныя і незалежныя арганізацыі работнікаў і працадаўцаў з’яўляюцца незаменнымі і раўнапраўнымі партнёрамі дзяржавы ў дасягненні сацыяльнай справядлівасці і эканамічнага развіцця краіны на агульнанацыянальным, рэгіянальным і лакальным узроўнях. 
281. БХД, кіруючыся прынцыпам субсідыярнасці, лічыць неабходным перадаць прафсаюзам асобныя функцыі ў сацыяльным страхаванні, забеспячэнні матэрыяльных умоў жыцця работнікаў і кантролі бяспекі працы. Паўсюднае заключэнне калектыўных працоўных дамоваў павінна стаць гарантыяй абароны правоў работнікаў на прадпрыемствах усіх форм уласнасці.
282. БХД выступае за больш шчыльнае супрацоўніцтва з прафсаюзным рухам Беларусі дзеля забеспячэння правоў наёмных работнікаў. Гэта будзе спрыяць выкананню агульных для БХД і прафсаюзаў задач па паляпшэнню эканамічнага і сацыяльнага становішча працоўных.
283. Паглыбленне супрацоўніцтва паміж БХД і прафсаюзамі дазволіць замацаваць прынцыпы хрысціянскай дэмакратыі ў працоўным асяроддзі краіны.
284. БХД выступае за:
  • права на стварэнне прафесійных саюзаў у паведамляльным парадку без атрымання папярэдняга дазволу дзяржаўных органаў;
  • ліквідацыю перашкодаў, якія могуць быць выкліканы патрабаваннем аб юрыдычным адрасе і  10-працэнтнай мінімальнай колькасцю сябраў прафсаюза ад агульнай колькасці работнікаў прадпрыемства;
  • забеспячэнне празрыстасці палажэнняў, якія рэгулююць парадак утварэння прафсаюза;
  • стварэнне эфектыўнага механізму абароны ад антыпрафсаюзнай дыскрымінацыі і іншых рэпрэсіўных мер у дачыненні да актывістаў працоўнага руху;
  • узмацненне адказнасці чыноўнікаў дзяржаўных органаў і кіраўніцтва прадпрыемстваў за ўмяшанне ў дзейнасць прафсаюзаў;       
  • адмову ад тэрміновых працоўных кантрактаў, за выключэннем абмежаванай колькасці катэгорыяў працоўных;
  • прывядзенне норм закона “Аб правядзенні масавых мерапрыемстваў” у адпаведнасць з правам прафесійных саюзаў і арганізацыяў працадаўцаў адстойваць правы працоўных;
  • распрацоўку і ўкараненне сістэмы падаткавых ільгот для сацыяльна адказных кампаніяў.

Комментариев нет:

Отправить комментарий