2.4. Чалавек і грамадства



Правы чалавека
57. Найважны здабытак цывілізаванага грамадства – правы чалавека.
58. БХД выступае за пабудову Беларусі як дэмакратычнай, прававой дзяржавы. Вынікам дзяржаўнага будаўніцтва павінна стаць грамадства, заснаванае на прынцыпах самакіравання вольных грамадзян. Правы кожнага грамадзяніна павінны мець прыярытэт над правамі дзяржавы.
59. БХД прытрымліваецца прынцыпаў, якія закладзены ва “Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека”. У грамадстве павінны паважацца правы кожнага чалавека, дапускацца плюралізм думак.
60. Усе людзі роўныя перад законам і дзяржавай. Не можа быць перавагі асобных людзей ці груп людзей перад іншымі людзьмі ці групамі людзей паводле любых іх інтарэсаў.
61. У прававой дзяржаве, якую мае намер будаваць БХД, недапушчальным будзе прыгнёт і дыскрымінацыя на аніякай падставе: ні паводле рэлігійных, палітычных перакананняў, ні паводле расавай, этнічнай, нацыянальнай, прафесійнай прыналежнасці, ні паводле гендэрнага ці ўзроставага падзелу альбо на якой-небудзь іншай падстве.
62. Надзвычай вострым застаецца праблема захавання правоў чалавека падчас следства, а таксама падчас адбыцця пакарання пасля прыгавору суда. Дзеля гэтага патрабуюцца рэфармаванне пенітэнцыярнай сістэмы, змены ў падыходах да вядзення следства з боку праваахоўных органаў. 
Свабода і салідарнасць у справядлівым грамадстве
63. Кожны чалавек вольны ў вызначэнні свайго лёсу, ён сам выбірае сабе жыццёвы шлях. Свабода дадзена чалавеку ад Бога і таму ні грамадства, ні дзяржаўны лад, ні якія-небудзь ідэалагічныя догмы не могуць пазбавіць чалавека свабоды.
64. Кожны чалавек мае права свабодна развіваць сваю асобу і ўдзельнічаць у палітычным, эканамічным і культурным жыцці так, як ён абярэ.
65. Прызнанне разнастайнасці інтарэсаў шматлікіх грамадскіх груп ёсць адзнака дэмакратычнага грамадства. Кожная меншасць, кожная група мае права ствараць свае арганізацыі.
66. БХД лічыць, што дзяржава павінна абараняць усе асноўныя правы чалавека:
  • свабоду сумлення і свабоду перакананняў як свабоду прытрымлівацца любой ідэалогіі і права распаўсюджваць розныя ідэі, акрамя прапаганды ґвалту, парнаграфіі, міжнацыянальнай, сацыяльнай і рэлігійнай варожасці.
  • свабоду сходаў, мітынгаў, шэсцяў і дэманстрацыяў. У заканадаўстве павінен быць замацаваны заяўны прынцып такіх акцыяў, а не дазволу на іх правядзенне;
  • свабоду слова;
  • свабоду стварэння палітычных партыяў, грамадскіх і рэлігійных арганізацыяў (абмежаванню належаць толькі арганізацыі, якія распаўсюджваюць ідэі нянавісці, ґвалту і вайны);
  • свабоду веравызнанняў, місіянерства, пропаведзі, рэлігійнага выхавання і адукацыі, доступу веруючых да сродкаў масавай інфармацыі;
  • недатыкальнасць асобы, яе жылля і прыватнай уласнасці.
67. Кожны мае права на атрыманне і распаўсюджванне інфармацыі. Дзяржава не можа перашкаджаць свабоднаму абмену інфармацыяй.
68. Cправядлівасць грунтуецца на аднолькавай павазе годнасці кожнага чалавека. Прынцып справядлівасці патрабуе аднолькавай роўнасці перад законам, роўных умоў у палітычным, эканамічным і сацыяльным жыцці.
69. Салідарнасць – гэта гатоўнасць кожнага чалавека падтрымліваць адзін аднаго, узаемадапамога людзей. Спагада, спачуванне, узаемапавага – аснова салідарнасці. Салідарнасць дае тое, чаго немагчыма дасягнуць прымусам. Гэта падмурак агульнага дабрабыту і дабрабыту кожнага з нас.
70. Адказнасць азначае захаванне і развіццё духоўнай, культурнай, матэрыяльнай спадчыны, якую мы атрымалі ад мінулых пакаленняў. Задача сённяшняга пакалення палягае ў адраджэнні нашай прыроднай, гістарычнай, культурнай і духоўнай спадчаны, пераасэнсаванні мінулага шляху Беларусі і ў нацыянальным пакаянні.

71. БХД выступае за:
  • прававую дзяржаву, у якой усе роўныя перад законам;
  • грамадства, заснаванае на прынцыпе самакіравання вольных грамадзян;
  • прыярытэт правоў асобы над правамі дзяржавы;
  • недапушчэнне прыгнёту і дыскрымінацыі ні паводле рэлігійных, палітычных перакананняў, ні паводле сацыяльнай, этнічнай, нацыянальнай, прафесійнай прыналежнасці, ні паводле гендэрнага ці ўзроставага падзелу альбо на якой-небудзь іншай падстве;
  • свабоду асобы развівацца, абіраць свой жыццёвы шлях, мець перакананні і дзейнічаць адпаведна іх;
  • абарону палітычных, грамадзянскіх і сацыяльных правоў.

1 комментарий:

  1. Замяніць:
    "Правы кожнага грамадзяніна павінны мець прыярытэт над правамі дзяржавы".
    на
    "Правы кожнага грамадзяніна павінны мець прыярытэт над інтарэсамі дзяржавы".

    ОтветитьУдалить