І. Нашы каштоўнасці



Бог
1. Цэлае тысячагоддзе Беларусь з’яўляецца хрысціянскай краінай, часткай еўрапейскай хрысціянскай цывілізацыі. Біблія ўжо дзве тысячы гадоў выступае для нас мерай таго, што такое ісціна, дабро, прыгажосць і справядлівасць. Гісторыя ведала шмат прыкладаў паўстання супраць таго, што ёсць ісціна, дабро, прыгажосць і справядлівасць па-хрысціянску. Многія спрабавалі даць сваю меру і тлумачэнне гэтым каштоўнасцям, многія спрабавалі палепшыць і ўдасканаліць тое, што прапаноўваецца ў Бібліі, але ўсе гэтыя спробы прыводзілі або да паўтору біблейскіх запаведзяў і прынцыпаў, або да пагаршэння іх і да памылак. Бог даў чалавеку свабоду волі, свабоду спазнання дабра і зла. Карыстаючыся гэтай воляй спазнання дабра і зла, мы прыходзім да высновы, што ўяўленні пра дабро і зло трэба не змяняць, але спазнаваць і разумець.
2. Многія народы, і беларусы ў іх ліку, адмаўляліся ад хрысціянства на карысць атэізму. Заўсёды гэтая адмова суправаджалася стратай ў праўдзе, дабры, прыгажосці і справядлівасці. Усе народы і кожны чалавек асобна свабодныя абіраць і веру сваю, і шлях свой. Наш выбар – дэмакратычны і хрысціянскі. У свеце квітнеюць тыя краіны і народы, што не ўхіляюцца ад хрысціянскага шляху. Свой шлях мы выбіраем самі, але правільнасць яго звяраем па Божых Запаветах, так як умеем – па-хрысціянску, як паступалі беларусы, якіх мы шануем, любім і паважаем.
Чалавек
3. Разуменне аднога чалавека абмяжоўвае магчымасць дзеяння для іншага. Усякае чалавечае разуменне недасканалае, таму ніхто не можа навязваць свае погляды іншаму. Правы і свабоды кожнага чалавека на ўладкаванне свайго ўласнага жыцця абмяжоўваюць нашы магчымасці па ўладкаванні Беларусі. Гэта адзінае абмежаванне мы лічым праўдзівым і справядлівым. Тое, што гэта абмежаванне адзінае, але непарушнае, мы лічым дабром.
4. Хрысціянская дэмакратыя засноўваецца на ідэі персаналізму, які прызнае асобу першаснай творчай рэчаіснасцю і вышэйшай духоўнай каштоўнасцю.
5. Чалавек мае індывідуалістычную, сацыяльную і духоўную прыроду. Хрысціянская дэмакратыя разглядае чалавека як асобу, якая спалучае гэтыя тры аспекты чалавечай прыроды. Усялякая аднабаковасць і спроба абсалютызаваць адзін аспект чалавечай прыроды за кошт іншых вядзе да памылковых рашэнняў і негатыўных наступстваў. Чалавек не з’яўляецца поўнасцю аўтаномным і ізаляваваным, таксама як і не з’яўляецца механічным складнікам калектыву, другасным у параўнанні з калектывам. Хрысціянская дэмакратыя ўяўляе чалавека як асобу, надзеленую годнасцю, з індывідуалістычнымі памкненнямі, якая рэалізуе сябе ў зносінах і супрацоўніцтве з іншымі людзьмі і мае патрэбу ў духоўным быцці, як неад’емнай сутнасці чалавечага жыцця.  
Бацькаўшчына
6. Чалавек вольны жыць паводле свайго разумення так, як лічыць слушным, імкнучыся да праўды, дабра, прыгажосці і справядлівасці. Хрысціянскія народы Еўропы абіраюць розныя варыянты ўладкавання сваіх краін. Як кожны чалавек вольны ўладкоўваць свой дом, так і кожны народ вольны ўладкоўваць сваю краіну. Мы народжаныя ў Беларусі, гэта нашая краіна, і ніхто акрамя нас не ўладкуе яе так, як нам трэба. Беларусь – гэта наша свабода, свабода жыць і дзейнічаць згодна з нашым разуменнем праўды, дабра, прыгажосці і справядлівасці. Справядліва, што толькі мы самі свабодныя ўладкаваць яе ў дабры і прыгажосці; праўдзіва, што мы адказныя за адсутнасць у ёй дабра і прыгажосці.

Комментариев нет:

Отправить комментарий