2.1. Духоўнасць, беларуская нацыя і культура



Духоўнае адраджэнне і нацыянальная ідэя

7. Мы супраць бездухоўнасці, амаральнасці і спустошанасці. Беларусі неабходна поўнамаштабнае духоўнае абуджэнне, адраджэнне ў людскіх душах стваральнага, жыццясцвярджальнага і аптымістычнага, сутнасна хрысціянскага і патрыятычнага светапогляду. Гэта з’яўляецца найпершай, найгалоўнай задачай БХД.

8. Наш вобраз Беларусі – гэта незалежная, дэмакратычная дзяржава, дзе абараняюцца правы і свабоды чалавека, краіна хрысціянскага адраджэння ў сэрцы Еўропы.

9. Мы грунтуемся на тым, што беларуская нацыянальная ідэя зыходзіць з падставовых прынцыпаў хрысціянскага светапогляду: свабоды, веры, любові, справядлівасці, роўнасці, салідарнасці і адказнасці. Спазнанне гэтых найвышэйшых ісцін, следаванне ім у паўсядзённым жыцці і ёсць сутнасцю духоўнага адраджэння.

10. Беларуская нацыянальная ідэя – гэта місія, прадвызначэнне, сэнс існавання беларускага народу. Любая нацыянальная ідэя абумоўлена адпаведнай гісторыяй, тэрыторыяй, часам, менталітэтам, узаемадачыненнямі з суседзямі. Адчуванне гэтага Богам дадзенага наканавання, усведамленне сваёй унікальнасці і непаўторнасці, свайго прызначэння менавіта на гэтай зямлі, у гэты час і ёсць нацыянальнай ідэяй. У кожнай нацыі ёсць вялікая задума Божая, кожнаму народу Бог дае непаўторныя дарункі – культурніцкія, духоўныя, светапоглядавыя. Кожны народ мусіць несці адказнасць перад Богам за гэтыя дарункі і служыць ім і іншым народам і ўсяму свету.

11. З пачуцця нацыянальнай саматоеснасці вынікаюць і любоў да роднай краіны, і павага да іншых народаў, і разуменне сваёй адказнасці перад тымі, хто быў, і за тых, хто будзе пасля.

12. Уся Заходняя цывілізацыя вось ужо 2000 гадоў будуецца на хрысціянскіх падмурках, таму сапраўды еўрапейская Беларусь можа паўстаць толькі з магутным духоўным рухам, са светапоглядным абнаўленнем усяго грамадства. Сёння беларуская нацыянальная ідэя бачыцца нам як самарэалізацыя народа Беларусі ў найважных формах – незалежнай дзяржаве, беларускай мове, паважных міжнародных стасунках, дасягненні дабрабыту, сучаснай культуры – на падставе духоўнага хрысціянскага зместу.

13. Мы лічым, што гістарычныя нацыянальныя сімвалы – бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”, гімн “Магутны Божа”, якія найбольш поўна выражаюць змест спрадвечнага імкнення беларускага народу да хрысціянскай чысціні і духоўнасці, рашучасць высілкаў нацыі для дасягнення праўды і справядлівасці. Мы заклікаем да вяртання, павагі і шанавання нацыянальнай гістарычнай сімволікі Беларусі як неад’емнай часткі нашай гістарычнай і культурнай спадчыны.

14. Мы таксама прызнаем права на існаванне і выкарыстанне любой іншай сімволікі, якая прымаецца канстытуцыйным чынам беларускім грамадствам, за выключэннем сімволікі, звязанай з прапагандай нацысцкай, бальшавіцкай ці любой іншай ідэалогіі, не сумяшчальнай з хрысціянствам і свабодай чалавека.

Кансалідацыя беларускага грамадства і аб’яднаўчая палітыка БХД

15. Найважная задача БХД – кансалідацыя грамадства вакол ідэяў духоўнага адраджэння Беларусі, незалежнасці, дэмакратыі, гістарычнай пераемнасці і адказнасці за нацыянальную гісторыю і культуру, стварэнне на гэтай базе масавага, шматаблічнага паўсюднага нацыянальнага руху. Абарона хрысціянскіх каштоўнасцяў, суверэнітэту і дэмакратыі, змаганне са спадчынай таталітарнага савецкага рэжыму, з русіфікацыяй і наступствамі Чарнобылю, заслон спробам паняволення, распродажу Беларусі, адпор агрэсіі крыміналу, наркотыкаў, экстрэмізму, алкагалізму, маральнай дэградацыі патрабуюць гуртавання ў адзіны народны рух усіх здаровых сіл грамадства: палітычных партыяў і арганізацыяў, сацыяльных груп і асобных грамадзян.

16. З сённяшнім цяжкім становішчам у краіне пад сілу справіцца толькі ўсяму народу, свядомасць якога прасякнута духам хрысціянскага адраджэння і нацыянальнай ідэяй. Пакліканне БХД заключаецца ў тым, каб стаць ідэалагічным і арганізацыйным ядром такога ўсенароднага руху. Такім чынам, стварэнне дзейснага нацыянальнага руху, угрунтаванага на хрысціянскіх каштоўнасцях, з’яўляецца галоўнай аб’яднаўчай стратэгіяй БХД, а таксама асноўным матывам міжпартыйных дачыненняў і пагадненняў. Пры правядзенні агульнанацыянальных кампаніяў, выбараў ці акцыяў пратэсту мы павінны быць упэўненыя ў тым, што нашыя хаўруснікі адстойваюць менавіта нацыянальныя інтарэсы і перспектывы адраджэння, і што вынікі нашай супольнай працы не будуць супярэчыць нашым памкненням.

Нацыянальнае лідэрства і эліта

17. У нацыянальным руху БХД мусіць імкнуцца да найбольшай адказнасці і ролі авангарду ў кожнай сферы дзейнасці. З гэтага вынікае імператыў ініцыятывы і лідэрства БХД у грамадска-палітычным працэсе ў Беларусі.

18. Лідзіруючае становішча БХД у першую чаргу мусіць дасягацца праз гуртаванне вакол партыі нацыянальнай эліты.

19. БХД лічыць, што неабходна развіваць нацыянальную свядомасць кожнага чалавека. Толькі чалавек з высокай нацыянальнай свядомасцю, які валодае маральна-этычнымі каштоўнасцямі і любіць сваю Бацькаўшчыну, здольны ў большай ступені прыносіць карысць грамадству, сваёй сям’і і самому сабе.

Месца і роля нацыянальных і канфесійных меншасцяў у Беларусі

20. У Беларусі, якая спрадвеку знаходзіцца на геапалітычным скрыжаванні, сумежжы цывілізацыяў і культур, нацыянальная ідэя спалучае многія этнічныя  і светапоглядавыя элементы. Мы падтрымліваем усе нацыянальныя меншасці краіны ў іх праве ствараць шматаблічнасць беларускага грамадства. Беларусь усёй сваёй гісторыяй сцвярджае ідэал верацярпімасці і ўзаемапавагі ў суіснаванні розных народаў і рэлігіяў.

21. Мы падкрэсліваем, што ідэя стварэння нацыянальнага руху ў нашым разуменні ніяк не азначае дыскрымінацыі нацыянальных ці канфесійных меншасцяў, а наадварот, адкрывае ўсім грамадзянам Беларусі, незалежна ад іх паходжання, нацыянальнасці ці веравызнання, магчымасць для паўнавартаснага ўдзелу ў грамадскім жыцці. БХД павінна праявіць сваю салідарнасць з усімі нацыянальнымі супольнасцямі Рэспублікі Беларусь у іх правах.

22. БХД лічыць, што распальванне нацыянальнай нянавісці, дыскрымінацыя грамадзян паводле этнічных і расавых прыкмет не сумяшчальная з хрысціянскімі прынцыпамі і павінна карацца законам.

Развіццё навукі як нацыянальны прыярытэт

23. Навука ў сучасным свеце робіцца галоўнай вытворчай сілай грамадства. Мы ганарымся тым, што Беларусь дала чалавецтву столькі геніяльных вынаходнікаў і навуковых адкрыццяў. Беларусь імкнецца заняць месца сярод навукаёмістых і тэхналагічных эканомік свету, таму развіццё навуковых даследаванняў, выкарыстанне навуковых распрацовак у вытворчасці з’яўляецца для нас важнай задачай. Гэта патрабуе перагледзець сістэму фінансавання навукі. БХД выступае за стварэнне дзяржаўных фондаў для фінансавання навуковых даследаванняў, якія будуць размяркоўваць бюджэтныя сродкі і вылучаць гранты на правядзенне навуковых даследаванняў. Дзяржава мусіць звяртаць увагу і аказваць падтрымку ўсім навукам – і прыродазнаўчым, і тэхнічным, і сацыяльным, і гуманітарным.

24. Неабходна аднавіць самакіраванне Нацыянальнай Акадэміі навук. БХД лічыць неабходным стварыць асобнае Міністэрства навукі і тэхналогіяў, якое будзе займацца выпрацоўкай і ажыццяўленнем дзяржаўнай палітыкі ў галіне падтрымкі і развіцця навукі, садзеяннем развіццю навукі і навуковага патэнцыялу, інфраструктуры і чалавечага рэсурса навукі, паглыбленнем сувязяў з сусветнымі ўстановамі навукі.

25. У кантэксце сацыяльнай адказнасці бізнэсу будзе вітацца актыўны ўдзел у падтрымцы навукі прыватнага капіталу, стварэнне прыватных фондаў і мецэнацтва. БХД з’яўляецца прыхільніцай глыбокай міжнароднай кааперацыі ў навуцы і даследаваннях.

26. Для паўнавартаснага развіцця навукі неабходна вярнуць навуковай працы прэстыж і павагу ў беларускім грамадстве, забяспечыць высокія заробкі навуковым супрацоўнікам на ўзроўні сярэднееўрапейскіх. 

27. БХД выступае за:

  • духоўнае абуджэнне на падставе хрысціянскіх прынцыпаў і светапогляду, у аснове якіх палягаюць свабода, вера, любоў, справядлівасць, роўнасць, салідарнасць і адказнасць;
  • незалежную, дэмакратычную Беларусь, дзе абараняюцца правы і свабоды чалавека;
  • вяртанне нашых нацыянальных сімвалаў – бел-чырвона-белага сцяга і герба “Пагоня”;
  • развіццё беларускай мовы і пашырэнне сферы яе ўжытку, адраджэнне гістарычнай памяці і следаванне нацыянальнай традыцыі;
  • паступовае вяртанне гістарычных назваў вуліц і плошчаў, увекавечанне памяці беларускіх нацыянальных герояў;
  • належную абарону, аднаўленне і рэстаўрацыю помнікаў архітэктуры, гісторыі і культуры;
  • кансалідацыю грамадства вакол ідэяў духоўнага адраджэння Беларусі, незалежнасці, дэмакратыі, гістарычнай пераемнасці і адказнасці за нацыянальную гісторыю і культуру;
  • згуртаванне ўсіх здаровых сіл грамадства ў барацьбе з наступствамі чарнобыльскай трагедыі, выміраннем беларускай нацыі, алкагалізмам, наркаманіяй і маральнай дэградацыяй;
  • лідэрства партыі хрысціянскай дэмакратыі ва ўсіх сферах грамадскага жыцця як партыі народнай большасці;
  • павагу да іншых народаў і культур, свабоднае развіццё нацыянальных меншасцяў, іх моў і культур у Беларусі;
  • развіццё навукі як прыярытэтнага кірунку дзяржаўнай палітыкі, стварэнне Міністэрства навукі і тэхналогіяў і аднаўленне самакіравання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі;
  • вяртанне павагі да навуковай працы, павышэнне яе прэстыжу ў грамадстве і павышэнне заробкаў навуковых супрацоўнікаў да сярэднееўрапейскага ўзроўню.

Комментариев нет:

Отправить комментарий