2.2. Актыўныя грамадзяне і свабода сумлення



Актыўныя грамадзяне ў вырашэнні грамадскіх праблем
28. БХД зыходзіць з таго, што развітая грамадзянская супольнасць з’яўляецца гарантыяй паспяховага вырашэння сацыяльных праблем, дае магчымасць паменшыць дзяржаўную прысутнасць у розных сферах грамадскага жыцця за кошт самарганізацыі грамадзян і іх актыўнага ўдзелу ў жыцці супольнасцяў і грамадства ў цэлым. 
29. У нашым разуменні грамадзянская супольнасць – гэта сукупнасць форм актывізму ў прасторы сацыяльных адносін, куды не ўваходзіць барацьба за палітычную ўладу, дзяржаўнае кіраванне і бізнэс. Такімі формамі актывізму з’яўляюцца адносіны паміж людзьмі, іх дзеянні, дамоўленнасці, формы ўзаемадачыненняў, якія маюць не прыватны, а сацыяльны характар. Такі актывізм часта набывае арганізаванасць у выглядзе фармальных і нефармальных грамадскіх арганізацыяў, ініцыятыў, рухаў і асацыяцыяў грамадзян. Яны існуюць дзеля прадстаўніцтва і прасоўвання інтарэсаў шматлікіх сацыяльных груп, дзеля садзейнічання вырашэнню грамадскіх праблем, дзеля спрыяння самаарганізацыі грамадзян, укаранення ў грамадстве каштоўнасцяў плюралізму і дэмакратыі, дзеля вынаходніцтва новых ведаў, удзелу ў сацыялізацыі грамадзян, пашырэнні сацыяльнага капіталу ў грамадстве, аказання грамадска значных паслуг.
30. БХД бачыць некалькі асноўных праблем, якія мы мусім вырашаць у грамадзянскай супольнасці і якія будуць захоўваць сваю актуальнасць і пасля падзення ў Беларусі аўтарытарнага рэжыму. Дадзеныя праблемы з’яўляюцца асноватворнымі з пункту гледжання якаснага развіцця грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі.
31. Па-першае, перад беларускімі грамадскімі арганізацыямі стаіць неабходнасць дасягнення кансэнсусу па базавых каштоўнасцях як, напрыклад, дэмакратычны лад у дзяржаве, адраджэнне беларускай мовы, незалежнасць беларускай дзяржавы.
32. Па-другое, нізкая ступень грамадзянскай і палітычнай мабілізацыі насельніцтва, што звязана, у тым ліку, з моцнай унутранай ізаляванасцю, калі людзі самаадхіляюцца ад удзелу ў грамадскім жыцці, замкнёныя на самастойнае вырашэнне прыватных праблем, якія маюць сацыяльныя карані. Што тычыцца нізкай мабілізацыі насельніцтва, то гэта з’яўляецца галоўнай пагрозай развіцця дэмакратыі знізу. Мы разумеем, што пасля падзення аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі паспяховаць і хуткасць станаўлення дэмакратычных працэдур будзе залежыць ад палітычнай і грамадзянскай актыўнасці людзей і іх даверу да новых уладаў як на рэспубліканскім узроўні, так і на месцах.
Прадстаўніцтва інтарэсаў і трэці сектар
33. Мы імкнемся да стварэння плюралістычнай мадэлі прадстаўніцтва інтарэсаў, пры якой будуць свабодна выражацца і рэалізоўвацца самыя разнастайныя грамадскія інтарэсы. У дадзенай мадэлі інтарэсы рэалізоўваюца па прынцыпу сваёй значнасці, грамадскай падтрымкі і надзённасці, яны заўсёды носяць дынамічны характар і не адбываецца дыскрэдытацыі ў прадстаўніцтве інтарэсаў.  
34. Інстытуцыі грамадзянскай супольнасці будуць прадстаўляць усю магчымую сацыяльную разнастайнасць, будуць мець магчымасць свабодна ўзнікаць і дзейнічаць.
35. Мы бачым неабходнасць фармавання мадэлі трохбаковага партнёрства паміж грамадзянскай супольнасцю, дзяржавай і бізнэсам дзеля ўстойлівага развіцця і вырашэння грамадскіх праблем. Пры чым такое партнёрства не азначае, што грамадзянская супольнасць стане правадніком дзяржаўнай палітыкі, палітычных інтарэсаў ці інтарэсаў бізнэса. Грамадзянская супольнасць у дачыненнях з дзяржавай і бізнэсам будзе раўнапраўным партнёрам. Наша бачанне такога патнёрства грунтуецца на ўяўленні пра няздатнасць дзяржавы вырашаць усе грамадскія праблемы самастойна і абмежаванасць рынкавых адносін для сацыяльнай сферы грамадства. З гэтага вынікае зацікаўленасць абмежаванай дзяржавы і сацыяльна адказнага бізнэсу ў сумеснай працы з грамадзянскай супольнасцю дзеля агульнага дабра.
36. У дзяржаўнай палітыцы ў розных галінах, у тым ліку ў сацыяльнай і моладзевай палітыцы, ўрад будзе фармуляваць асноўныя кірункі, мэты і прыярытэты палітыкі, але ў яе рэалізацыі значная роля належыць паветам, мясцоваму самакіраванню, а таксама грамадскім арганізацыям. Частка сродкаў будзе размяркоўвацца ў паветах і на месцах сярод грамадскіх арганізацыяў, якія працуюць у сацыяльным сектары.
37. БХД выступае за свабоднае ўтварэнне грамадскіх арганізацыяў і іх рэгістрацыю заяўным прынцыпам. Кантролем над дзейнасцю грамадскіх арганізацыяў займаецца Міністэрства юстыцыі. Грамадская арганізацыя можа быць ліквідавана толькі па рашэнні суда ў выпадку грубага і сістэматычнага парушэння заканадаўства.
38. БХД выступае за:
  • самаарганізацыю грамадзян і развіццё грамадзянскай супольнасці;
  • актыўны ўдзел асобных грамадзян і супольнасцяў у вырашэнні мясцовых праблем, палітычным і эканамічным жыцці краіны;
  • плюралістычную мадэль прадстаўніцтва інтарэсаў, пры якой будуць свабодна выражацца і рэалізоўвацца самыя разнастайныя грамадскія інтарэсы;
  • існаванне максімальнай разнастайнасці грамадскіх ініцыятыў і арганізацыяў, якія будуць свабодна ўзнікаць і дзейнічаць;
  • трохбаковае партнёрства паміж дзяржавай, грамадзянскай супольнасцю і бізнэсам дзеля ўстойлівага развіцця і вырашэння грамадскіх праблем;
  • удзел трэццяга сектару ў рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў розных сферах.
Царкоўныя арганізацыі і свабода сумлення
39. БХД разглядае свабоду сумлення як свабоду трымацца тых або іншых прынцыпаў, поглядаў і перакананняў, свабоду вызнаваць тую ці іншую рэлігію альбо не вызнаваць ніякай. Згодна з поглядамі БХД, свабода сумлення з’яўляецца найважнейшым правам чалавека ў дэмакратычнай дзяржаве. Свабода веравызнання палягае ў тым, што кожная канфесія мае права свабодна існаваць і развівацца у Беларусі, калі яна не парушае законы Рэспублікі Беларусь і не мае дэструктыўнага ўхілу. Дэструктыўнасць той ці іншай арганізацыі вызначаецца па прыкмеце парушэння правоў асобы, пагрозы здароўю, жыццю чалавека, фінансавым махінацыям, махлярствам, рабаўніцтву, вымагальніцтву і эксплуатацыі чалавека. 
40. Кожны чалавек мае права выбіраць форму вызнання той або іншай рэлігіі публічна ці патаемна, аднаасобна ці сумесна з іншымі людзьмі. Не павінна існаваць ніякіх абмежаванняў свабоднаму распаўсюду рэлігійных поглядаў і перакананняў. Кожны чалавек павінен мець права на вольнае навучанне асновам выбранай ім рэлігіі, мець права на вольныя рэлігійныя аб’яднанні і царкоўныя суполкі.
41. Царкоўныя арганізацыі таксама як і грамадскія арганізацыі павінны мець магчымасць свабодна ўзнікаць і дзейнічаць. БХД выступае за рэгістрацыю царкоўных суполак заяўным прынцыпам. Недапушчальна любое ўмяшальніцтва дзяржавы ў справы царкоўных арганізацыяў, за выключэньнем выпадкаў, калі маюць месца парушэнні закона. Царкоўныя арганізацыі павінны мець ўсе правы грамадскіх арганізацыяў, як, напрыклад, права юрыдычнай асобы, права на фінансавыя сродкі і ўласнасць.
42. Царкоўныя арганізацыі акрамя ўласна рэлігійнай дзейнасці могуць ажыццяўляць і царкоўна-сацыяльную актыўнасць – дабрачынныя акцыі і мерапрыемствы, нядзельныя школы і царкоўныя пачатковыя школы, удзельнічаць у ажыццяўленні сацыяльнай палітыкі ў якасці суб’екта нароўні з грамадскімі арганізацыямі.  
43. БХД лічыць неабходным забяспечыць наступныя правы царкоўных суполак:
  • права на публічныя пропаведзі і набажэнствы;
  • права на ўдзел у выкладанні рэлігіі ў дзяржаўных і прыватных навучальных установах;
  • права на выданне, куплю і продаж рэлігійнай літаратуры, часопісаў і газет;
  • права на карыстанне сродкамі масавай інфармацыі, радыё і тэлебачаннем;
  • права на дабрачынную дзейнасць і збор ахвяраванняў, гэтак жа як і на іншыя формы гаспадарчай і фінансавай дзейнасці, якія не супярэчаць закону;
  • права на місіянерскую дзейнасць і на арганізацыю паломніцтва вернікаў да святых мясцін;
  • права на ўтварэнне дзіцячых рэлігійных таварыстваў пры абавязковым захаванні прынцыпу добраахвотнасці;
  • права на роўныя і справядлівыя адносіны з боку дзяржавы пры аказанні матэрыяльнай або іншай дапамогі з абавязкам устрымання ад непасрэднага ўмяшання ў справы дзяржавы;
  • права на садзейнічанне з боку дзяржавы пры вяртанні і аднаўленні канфіскаваных або разбураных святыняў і пабудоў, што належалі рэлігійным арганізацыям;
  • права на рэабілітацыю бязвінна рэпрэсаваных вернікаў, як святароў, так і міранаў, з абавязковай кампенсацыяй канфіскаванай маёмасці і прызначэннем адпаведнай пенсіі і іншай дапамогі;
  • права на судовую абарону законных правоў і інтарэсаў вернікаў;
  • права на асабісты характар рэлігійных перакананняў ці іх адсутнасць з забаронай прымусовага атрымання звестак аб рэлігійных перакананнях грамадзян;
  • права на вольную змену сваіх рэлігійных перакананняў без ганенняў за гэта з боку дзяржавы альбо рэлігійных арганізацыяў.

Комментариев нет:

Отправить комментарий