Прэамбула



Мы, беларускія хрысціянскія дэмакраты, на пачатку ХХІ стагоддзя, усведамляючы сваю адказнасць перад Богам і нашай Бацькаўшчынай, стварылі новую палітычную сілу – партыю “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя”, якая грунтуецца на хрысціянскіх каштоўнасцях, дэмакратычных прынцыпах і беларускім патрыятызме.
Мы з’яўляемся спадкаемцамі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі першай паловы ХХ стагоддзя і падаўжальнікамі традыцыі нацыянальнага і духоўнага адраджэння Беларусі. Арыенцірам у нашай дзейнасці зяўляецца праца такіх беларускіх дзяржаўных дзеячоў-хрысціянаў, як Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, князі Астрожскія, Францішак Скарына, Мікалай Радзівіл Чорны, Астафій Валовіч, Леў Сапега, Язэп Руцкі, беларускія хрысціянскія дэмакраты першай паловы ХХ стагоддзя.
Дактрына “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі” увабрала ў сябе вопыт і дасягненні палітыкі Хрысціянска-дэмакратычнага саюзу Нямеччыны і іншых хрысціянска-дэмакратычных партыяў Еўропы.
Партыя “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” (БХД) з’яўляецца народнай партыяй цэнтрысцкага тыпу, ажыццяўляе дактрыну сучаснай хрысціянскай дэмакратыі ў Беларусі. БХД аб’ядноўвае людзей шырокага ідэйнага спектру: хрысціянскіх дэмакратаў, прыхільнікаў цэнтрысцкай хрысціянска-сацыяльнай плыні, а таксама прыхільнікаў каштоўнаснага кансерватызму.
Мы бачым сваёй сацыяльнай базай вернікаў-хрысціянаў праваслаўнай, каталіцкай, уніяцкай, пратэстанцкіх цэркваў, моладзь, сем’і, прадпрымальнікаў, нацыянальна-арыентаваную інтэлігенцыю, кваліфікаваных рабочых, атэістаў і вернікаў іншых канфесіяў – усіх, хто падзяляе палажэнні дадзенай праграмы.
На сённяшні дзень Беларусь пакутуе пад гнётам аўтарытарнага рэжыму і антынароднай палітыкі. За амаль два дзесяцігоддзі кіравання Аляксандра Лукашэнкі наша краіна ахоплена крызісам у эканоміцы і сацыяльнай сферы, беларусаў пазбавілі магчымасці абіраць уладу на свабодных дэмакратычных выбарах, беларусаў кожны год становіцца ўсё менш, міліцыя разглядае грамадства як крыніцу злачыннасці, пераследуюцца і кідаюцца за краты беларускія патрыёты, у краіне зневажаюцца палітычныя, грамадзянскія і сацыяльныя правы чалавека. Беларусь перажывае крызіс маральнасці!
У гэтых умовах БХД імкнецца заваяваць уладу ў краіне і рэалізаваць сваю праграму. Рашэнне пра абнаўленне праграмы БХД было прынята на IV устаноўчым з’ездзе партыі 17 снежня 2011 году. У новай праграме партыі прадстаўлена ясная візія таго, як павінна быць уладкавана дзяржаўная ўлада, эканоміка і грамадства, якую палітыку неабходна праводзіць у Беларусі ў пераходны перыяд пасля падзення аўтарытарызму, каб пабудаваць дэмакратыю, грамадзянскую супольнасць і эфектыўную рынкавую эканоміку.
БХД выступае за пабудову незалежнай, еўрапейскай, заможнай і духоўна развітай Беларусі.
БХД выступае за неґвалтоўныя метады барацьбы і кансалідацыю беларускага грамадства. Гэта ўдзел у выбарах органаў дзяржаўнай улады і мясцовага самакіравання, масавыя акцыі, распрацоўка законапраектаў, праграм і канцэпцыяў, культурна-асветніцкая справа, агітацыя, экалагічныя і дабрачынныя акцыі.
БХД імкнецца аб’яднаць беларускі народ вакол ідэяў свабоды і дэмакратыі, незалежнай дзяржаўнасці, сацыяльнай рынкавай эканомікі, правоў чалавека і нацыі на цвёрдым грунце сутнасна хрысціянскіх каштоўнасцяў і нацыянальных традыцыяў.

Комментариев нет:

Отправить комментарий