4.1. Нацыянальная бяспека, сілавыя структуры і войска



Выклікі сучаснага свету
146. Ваенная пагроза на працягу гісторыі з’яўлялася галоўным выклікам існавання дзяржавы і дабрабыту яе народу. Пагроза ваенных канфліктаў і сёння застаецца актуальным пытаннем, але акрамя яе ў сучасным свеце набылі распаўсюд і іншыя выклікі, якія пагражаюць дзяржаўнай незалежнасці, нацыянальнай бяспецы і грамадскай стабільнасці.
147. Пагроза суверэнітэту. Мы разумеем наш дзяржаўны суверэнітэт як верхавенства беларускіх законаў і дзяржаўнай волі, якую рэалізуюць палітыкі, абраныя беларускім народам, на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Таму законы і дзяржаўная воля мусяць быць накіраваныя на абарону дзяржаўнага суверэнітэту ад знешняга ўмяшальніцтва і навязвання чужых інтарэсаў. Мы лічым, што для беларускага народа нацыянальная дзяржаўнасць і незалежнасць з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю, таму БХД будзе заўсёды выступаць у абарону дзяржаўнага суверэнітэту і незалежнасці Беларусі.
148. З’яўляючыся ўдзельнікам інтэграцыйных працэсаў, Беларусь натуральна дэлегуе частку свайго суверэнітэту наднацыянальным органам. Гэта неад’емная з’ява сучасных міжнародных адносін і ўзамен на гэта дзяржавы атрымоўваюць карысць ад удзелу ў розных інтэграцыйных працэсах. Аднак БХД выступае супраць тых інтэграцыйных праектаў, якія стратэгічна небяспечныя існаванню беларускай дзяржаўнасці і суверэнітэту Беларусі.
149. Складовай часткай пагрозы суверэнітэту з’яўляецца пагроза эканамічнага суверэнітэту, якая заключаецца ў паступовым усталяванні замежнымі эканамічнымі суб’ектамі свайго кантролю над стратэгічнымі прадпрыемствамі і галінамі прамысловасці Беларусі. Удзел замежнага капіталу ў беларускай эканоміцы з’яўляецца безумоўнай карысцю, і БХД будзе забяспечваць усе ўмовы для замежных інвестараў і будзе вітаць прыход у Беларусь буйнога замежнага капіталу. Аднак намі разглядаюцца непрымальнымі спробы замежных дзяржаў або замежных эканамічных суб’ектаў праз эканамічны ціск здабыць у Беларусі для сябе асаблівыя прэферэнцыі ці дамагціся своекарыслівых мэт, якія супярэчаць інтарэсам беларускай дзяржавы. Такая дзейнасць з’яўляецца парушэннем прынцыпу свабоднай канкурэнцыі, разглядаецца намі як варожая і патрабуе спынення і адэкватнага рэагавання.
150. Тэрарызм. Тэрарыстычная пагроза ахапіла ўсе часткі свету і ў многіх краінах рэгулярна адбываюцца тэракты, якія забіваюць і калечаць мірных жыхароў, сеюць хаос і наносяць эканамічныя страты. На вялікі жаль тэрарыстычная пагроза не абмінула і Беларусь. Небяспека, якая сыходзіць ад тэрарызму, заключаецца ў вялікім дэстабілізуючым патэнцыяле гэтай з’явы, а таксама прымяненні новых сродкаў для масавых атак, у тым ліку і зброі масавага знішчэння. Усведамляючы ўсю небяспеку ад тэрарыстычнай пагрозы, БХД выступае за сістэмныя рашэнні для прадухілення тэрактаў у Беларусі. Яны звязаны з увядзеннем сучасных тэхналогіяў для барацьбы з тэрарызмам, развіццём аналітычнай складаючай у працы органаў нацыянальнай бяспекі, павышэннем кваліфікацыі супрацоўнікаў праваахоўных органаў, усталяваннем шчыльнага міжнароднага партнёрства для каардынацыі дзеянняў з іншымі краінамі.
151. Акрамя дзейнасці для прадухілення тэрактаў у Беларусі неабходна супрацьдзейнічаць выкарыстанню тэрыторыі Беларусі для транспарціроўкі людзей, рэчываў і матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца ў тэрарыстычнай дзейнасці. Беларусь павінна абмежаваць парнёскія і дзяржаўныя кантакты з тымі палітычнымі рэжымамі, якія падтрымліваюць тэрарыстычныя групоўкі.
152. Інфармацыйная бяспека і кіберзлачыннасць. На сённяшні дзень інфармацыя паміж людзьмі, краінамі і кантынентамі перамяшчаецца за секунды. Усё чалавецтва аб’яднана агульнай інфармацыйнай прасторай, якой з’яўляецца інтэрнэт. Гэта абсалютна новая з’ява, якая існуе толькі некалькі дзесяцігоддзяў, але развіццё інтэрнэта і інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў адбываецца настолькі імкліва, што ўсё новыя сферы грамадскага і асабістага жыцця чалавека прымаюць гэтую з’яву. Інтэрнэт і сучасныя інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі даюць каласальныя магчымасці для развіцця асобы, атрымання адукацыі, зносін паміж людзмі, працы, арганізацыі адпачынку і г.д. БХД выступае за свабоднае функцыянаванне інтэрнэту, існавання свабоднай канкурэнцыі ў галіне прадастаўлення інтэрнэт-паслуг.
153. Аднак намі ўсур’ёз успрымаецца небяспека, якая сыходзіць ад злачыннасці ў інтэрнэт-прасторы. Гандаль забароненымі матэрыяламі, наркотыкамі, людзьмі, парушэнні правоў чалавека, кібератакі, махлярствы і фінансавыя злачынствы ў інтэрнэт-прасторы – гэта адны з тых праблем, якія патрабуюць кампетэнтнага адказу. БХД прапаноўвае стварыць у структуры Мінстэрства ўнутраных спраў на базе існуючага Ўпраўлення па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогіяў адмысловую кіберпаліцыю, у кампетэнцыю якой будзе ўваходзіць прадухіленне і барацьба са злачынствамі ў інтэрнэт-прасторы і з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў.
154. Незаконная міграцыя. БХД бачыць Беларусь адкрытай краінай, якая добразычліва і з павагай ставіцца да замежных грамадзян, якія наведваюць нашу краіну. Але нестабільнасць, войны, сацыяльныя праблемы, палітычны пераслед прымушаюць тысячы людзей з праблемных краін шукаць іншыя месцы для жыцця. Мы са спачуваннем і разуменнем ставімся да праблем імігрантаў і гатовыя аказаць пасільную дапамогу на міжнародным узроўні ў вырашэнні праблем вымушаных перасяленцаў. Мы таксама гатовыя забяспечваць прытулак для некаторых катэгорыяў замежных грамадзян, але ў абмежаваным аб’ёме і строга ў адпаведнасці з будучым міграцыйным заканадаўствам.  БХД выступае катэгарычна супраць незаконнай іміграцыі ў Беларусь і будзе прымаць усе захады на нацыянальным і міжнародным узроўнях, каб прадухіліць незаконнае перасяленне ў Беларусь замежных грамадзян.
155. Некантралюемая іміграцыя пагражае стабільнасці сацыяльнай сістэмы – накладае цяжар на ўстановы медыцыны і адукацыі, пагражае распаўсюдам злачыннасці і цяжкіх захворванняў. Дзяржава мусіць прымаць меры па сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі імігрантаў у беларускае грамадства, што магчыма рабіць толькі ва ўмовах кантралюемага і законнага перасялення замежных грамадзян у Беларусь. БХД лічыць неабходным процідзейнічаць стварэнню моцных этнічных супольнасцяў на аснове кампактнага пражывання з ліку імігрантаў – гэта становіцца перашкодай да інтэграцыі імігрантаў у беларускае грамадства, пераймання культурных традыцыяў, грамадскіх норм і моваў беларускага народу.
156. Атрыманне беларускага грамадзянства перасяленцамі мусіць быць абумоўлена працяглым пражываннем на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь (5-7 гадоў), плённай працай, сацыяльнай бяспечнасцю, веданнем беларускай мовы і гісторыі.   
Канфігурацыя органаў нацыянальнай бяспекі і сілавых структур
157. Да органаў нацыянальнай бяспекі адносяцца: Рада нацыянальнай бяспекі, Памочнік Прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы, Служба нацыянальнай варты і іншыя спецыяльныя службы.
158. Рада нацыянальнай бяспекі дзейнічае пры Прэзідэнце і займаецца пытаннямі ваеннага, палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага характару, звязанымі з нацыянальнай бяспекай. У Раду нацыянальнай бяспекі ўваходзяць Прэзідэнт, Памочнік Прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы, Прэм’ер-міністр, Міністр замежных спраў, Міністр абароны, Старшыня Службы нацыянальнай варты, Міністр унутраных спраў, Спікер Сойма, Старшыня Сената і іншыя дзяржаўныя службоўцы, удзел якіх абумоўлены павесткай дня Рады нацыянальнай бяспекі. Рада нацыянальнай бяспекі мае свой апарат, у які ўваходзяць спецыялісты і аналітыкі з адпаведных галін. Рада нацыянальнай бяспекі з’яўляецца адным з ораганаў, які займаецца выпрацоўкай замежнай палітыкі. Акрамя таго, Рада нацыянальнай бяспекі займаецца аналітычнай дзейнасцю, накіраванай на дапамогу прыняцця Прэзідэнтам ключавых рашэнняў па пытаннях знешняй палітыкі, нацыянальнай стратэгіі і ваеннай дактрыны.     
159. Памочнік Прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы ўзначальвае Раду нацыянальнай бяспекі, удзельнічае ў выпрацоўцы знешняй палітыкі, нацыянальнай стратэгіі і ваеннай дактрыны Рэспублікі Беларусь, інфармуе Прэзідэнта пра развіццё і стан мерапрыемстваў па нацыянальнай бяспецы, займаецца ажыццяўленнем рашэнняў Рады нацыянальнай бяспекі, каардынуе мерапрыемствы па забеспячэнню нацыянальнай бяспекі розных дзяржаўных ораганаў.
160. Служба нацыянальнай варты з’яўляецца спецыяльным органам, які займаецца практычнай дзейнасцю па забеспячэнню нацыянальнай бяспекі ў розных галінах, барацьбой з тэрарызмам, экстрэмізмам, супрацьдзейнічае выведвальнай дзейнасці іншых дзяржаў на тэрыторыі Беларусі. Кандыдатуру Старшыні Службы нацыянальнай варты ўносіць Прэзідэнт на зацвярджэнне Сенатам Рэспублікі. Служба нацыянальнай варты знаходзіцца па-за межамі палітычнай барацьбы і не павінна выконваць функцыі палітычнай паліцыі. У структуры Службы нацыянальнай варты будзе ўтвораны аналітычны цэнтр, які стане інтэлектуальнай складаючай практычнага забеспячэння нацыянальнай бяспекі.
Дзеля прадухілення засяроджання ў адной структуры самых розных кірункаў дзейнасці і празмерных паўнамоцтваў неабходна стварыць асобныя службы:
161. Служба знешняй выведкі займацца зборам разведвальнай інфармацыі ў інтарэсах Рэспублікі Беларусь;
162. Служба бяспекі дзяржаўнай інфармацыі;
163. Служба дзяржаўнай аховы, якая займаецца мерапрыемствамі па ахове органаў улады, кіраўнікоў краіны і лідэраў парламенцкай апазіцыі.
164. На дзейнасць спецыяльных служб мусіць распаўсюджвацца парламенцкі кантроль.
165. Міністэрства ўнутраных спраў узначальвае Міністр унутраных спраў, які з’яўляецца палітычнай фігурай. Міністр унутраных спраў вызначаецца правячай партыяй альбо правячай кааліцыяй, якая мае большасць у Сойме. У структуру МУС уваходзяць наступныя органы:
  • Крымінальная паліцыя – займаецца прадухіленнем, барацьбой і дазнавальніцтвам па цяжкіх злачынствах, карупцыі, эканамічных злачынствах і г.д.
  • Дарожная паліцыя – займаецца бяспекай дарожнага руху, дзяржаўным рэгуляваннем і кіраваннем, а таксама дзяржаўным кантролем у галiне дарожнага руху;
  • Упраўленне па барацьбе з незаконным зваротам наркотыкаў.
  • Кіберпаліцыя – займаецца расследаваннем злачынстваў у інтэрнэт-прасторы і з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіяў.
  • Экалагічная паліцыя – займаецца расследаваннем злачынстваў у галіне прыродаахоўнага і экалагічнага заканадаўства.
  • Паліцэйскія сілы хуткага рэагавання, паліцэйскі спецназ і групы антытэрор;
  • Іншыя органы і падраздзяленні.
166. Міністэрства ўнутраных спраў павінна забяспечыць надзейную ахову правоў і свабод грамадзян, дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў ад злачынных замахаў, своечасовае выяўленне злачынстваў і прыцягненне вінаватых да адказнасці, ахову грамадскага парадку. Для эфектыўнай барацьбы са злачыннасцю Міністэрства ўнутраных спраў неабходна вызваліць ад неўласцівых яму функцыяў: выпраўлення і перавыхавання асуджаных; нагляду за асобамі, якія асуджаны да пакарання без пазбаўлення волі; пашпартызацыі насельніцтва; рэгістрацыі ўезду і выезду грамадзян.
167. На рэгіянальным узроўні павятовая паліцыя займаецца забеспячэннем грамадскага парадку, недапушчэннем і прафілактыкай крымінальных злачынстваў, расследаваннем менш значных злачынстваў, аховай грамадскай і прыватнай маёмасці, рэгуляваннем дарожнага руху і разбіральніцтвам дарожна-транспартных здарэнняў. Кіраўнікі павятовай паліцыі ўваходзяць у склад адміністрацыі Павятовага Старасты.
Беларускае войска
168. Беларусь з’яўляецца мірнай дзяржавай, нікому не пагражае і будуе свае адносіны з суседзямі і ўсімі краінамі на партнёрскай аснове. Беларусь не мае тэрытарыяльных прэтэнзіяў ні да адной краіны і нікому не пагражае.
169. Мы зыходзім з таго, што канфлікты і супярэчнасці павінны вырашацца дыпламатычнымі мірнымі захадамі. Але дзеля гарантыі ўласнага суверэнітэту і незалежнасці, Беларусь павінна мець баяздольнае і добраўзброенае войска. Сучасныя войны вядуцца невялікімі мабільнымі арміямі з прымяненнем высокатэхналагічных узбраенняў. Таму беларуская армія мусіць адпавядаць сучасным патрабаванням ваеннай стратэгіі і тактыкі.
170. БХД прапаноўвае усталяваць колькасць беларускай арміі на ўзроўні 65 тыс. чалавек. Фармаванне арміі будзе адбывацца як на прафесійнай аснове, так за кошт прызыву тэрмінам на 6 месяцаў. Падчас праходжання тэрміновай ваеннай службы будзе зроблены ухіл менавіта на ваеннай падрыхтоўцы: навучанне ваеннай справе, рэгулярныя і частыя стрэльбы, правядзенне часткі службы ў палявых умовах. Усе аспекты тэрміновай службы, якія не тычацца прафесійнай падрыхтоўкі ваенных, будуць ліквідаваны.
171. Будзе дадзена магчымасць у поўнай меры рэалізаваць канстытуцыйнае права на альтэрнатыўную службу. Грамадзяне, якія з-за рэлігійных, пацэфісцкіх ці іншых абгрунтаваных перакананняў не могуць прайсці 6-месячную ваенную падрыхтоўку, будуць мець права на альтэрнатыўную службу.
172. Праблема “дзедаўшчыны” або нестатутных адносін будзе вырашана кардынальна – кароткі 6-месячны тэрмін праходжання тэрміновай службы ў сукупнасці з паасобнай службай кожнага набору прызыўнікоў і адказнасцю афіцэраў за нестатутныя адносіны.  
173. Будуць ліквідаваны ўнутраныя войскі як асобная структурная адзінка вайскавога тыпу ў складзе Міністэрства ўнутраных спраў. Сілы спецыяльнага прызначэння і хуткага рэагавання застануцца ў складзе МУС. Часткова функцыіі, якія сёння выконваюць унутраныя войскі па падтрыманню канстытуцыйнага парадку і тэрытарыяльнай абароне, будуць перададзены новаму ваеннаму ўтварэнню – Беларускаму нацыянальнаму Легіёну.
174. Беларускі нацыянальны Легіён – элітны касцяк беларускай арміі. Будзе фармавацца на прафесійнай аснове і яго колькасць будзе складаць каля 20 тыс. чалавек. Беларускі нацыянальны Легіён будзе грунтавацца на беларускім патрыятызме і нацыянальным духу, як надзейная гарантыя незалежнасці Беларусі. Беларускі нацыянальны Легіён будзе забяспечаны самымі лепшымі ўзорамі сусветнага ўзбраення, у ім будзе падтрымлівацца высокі баявы дух і прафесійны ўзровень. Мэтазгодна, каб менавіта сілы Легіёну выкарыстоўваліся ў міратворчых аперацыях пад эгідай ААН.
175. У структуры Беларускага нацыянальнага Легіёну будуць пяхотныя, бранетанкавыя, ваенна-дэсантныя, ваенна-паветраныя, тылавыя, медычныя адзінкі, а таксама ваенны спецназ. Размяшчэнне пяхотных батальёнаў будзе аснована на тэрытарыяльным прынцыпе.
176. Беларускім вайскоўцам будзе забяспечаны высокі заробак і ўсе сацыяльныя гарантыі, у тым ліку бясплатнае службовае жыллё з правам атрымання яго ва ўласнасць.
177. БХД выступае за:
  • прыняцце канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, у якой будуць адлюстраваны сучасныя выклікі і праблемы, прагнозы іх развіцця і меры рэагавання;
  • фармаванне органаў нацыянальнай бяспекі ў складзе Памочніка Прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы, Рады нацыянальнай бяспекі, Службы нацыянальнай варты, Службы знешняй выведкі, Службы бяспекі дзяржаўнай інфармацыі, Службы дзяржаўнай аховы;
  • узмацненне інфармацыйнай і планава-аналітычнай дзейнасці ў органах нацыянальнай бяспекі дзеля прадухілення негатыўных для Беларусі з’яў, адэкватнага і своечасовага рэагавання на праблемы нацыянальнай бяспекі;
  • арганізацыйную рэформу Міністрэрства ўнутраных спраў, усталяванне аптымальнай колькасці супрацоўнікаў на ўзроўні прыблізна 400 – 500 чалавек на 100 000 насельніцтва;
  • вызваленне праваахоўных органаў ад неўласцівых ім функцыяў і канцэнтрацыі на выкананні іх непасрэдных задач;
  • ліквідацыю ўнутраных войск як адзінкі ў складзе Міністэрства ўнутранных спраў;
  • усталяванне колькасці беларускай арміі на ўзроўні 65 тыс. чалавек, частка з якіх будзе служыць па кантракту, частка будзе прызывацца на тэрміновую ваенную службу на 6 месяцаў;
  • ліквідацыю ўсіх аспектаў тэрміновай службы, якія не тычацца прафесійнай падрыхтоўкі ваенных;
  • права на альтэрнатыўную службу;
  • стварэнне Беларускага нацыянальнага Легіёну – элітнага касцяка беларускай арміі, які будзе фармавацца на прафесійнай аснове і грунтавацца на беларускім патрыятызме і нацыянальным духу.

Комментариев нет:

Отправить комментарий